КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Пермскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.2.1925 як Комі-Пярмяцкая нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Размешчана ў Перадураллі, у верхнім цячэнні р. Кама. Пл. 32,9 тыс. км². Нас. 154 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Цэнтр — г. Кудымкар. Гар. пасёлкі: Гайны, Майкар, Пожва (гл. карту да арт. Пермская вобласць).
Прырода. Паверхня хваліста-раўнінная. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 270 м), на З — Верхнякамскае ўзв. (выш. да 280 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (мергель, пясок, гліна), торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -17 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 500—550 мм за год. Гал. рака — Кама з прытокамі Каса, Іньва, Вясляна. Глебы падзолістыя, на Пд дзярнова-падзолістыя. 80% тэрыторыі пад таежнымі лясамі (хвоя, елка, лістоўніца, піхта). Гал. прамысл. звяры: вавёрка, зайцы русак і бяляк, куніца, ліс; з птушак — рабчык, цецярук, глушэц.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, лесапілаванне, мэблевая і бандарная вытв-сць, лесахімія). Вытв-сць дзелавой драўніны 667 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 56 тыс. м³ (1996). Металаапр. (электрапрыборны, чыгуналіцейны, рамонтна-мех. з-ды ў г. Кудымкар), харч. і лёгкая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 362 тыс. га, у т. л. ворных зямель каля 70%. Вырошчваюць (тыс. т, 1995): збожжавыя (авёс, жыта, яравая пшаніца) — 55,1, бульбу — 103,4, агародніну — 29,5, кармавыя культуры. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 70,3, свіней — 21,3, авечак. Пушны промысел. Транспарт пераважна аўтамаб. і рачны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,2 тыс. км. Гал. аўтадарога Кудымкар—Гайны. Суднаходства па р. Кама.
Л.В.Лоўчая.
т. 8, с. 397